УДЗЕ́ЛЬНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

катэгорыя сялян у Рас. імперыі, якія належалі імператарскай сям’і ці асобным яе членам, даходы ад эксплуатацыі якіх ішлі на ўтрыманне імператарскай фаміліі (гл. Удзельныя землі). Паводле прававога статусу, асабістых і маёмасных правоў займалі прамежкавае становішча паміж прыватнаўласніцкімі і дзярж. сялянамі. Разрад У.с. з’явіўся ў 1797, яны падпарадкоўваліся Дэпартаменту ўдзелаў (з 1826 у складзе мін-ва імператарскага двара). У.с. Беларусі падпарадкоўваліся Смаленскай удзельнай экспедыцыі (з 1808 Смаленскай удзельнай канторы). У склад У.с. Беларусі ўвайшла частка сялян б. Магілёўскай, Полацкай, Віцебскай дзярж. эканомій. У 1800 колькасць У.с. у Віцебскай і Магілёўскай губ. — 2313 душ мужч. і 2344 жаночага полаў. Яны мелі даволі высокі ўзровень землезабяспечанасці (на рэвізскую душу ў Віцебскай губ. ў сярэднім прыпадала 3,32, у Магілёўскай — 10,64 дзес. зямлі). У выніку т.зв. Сімбірскай абменнай аперацыі 1835—36 У.с. Беларусі перададзены ў казённае ведамства.

Літ.:

Сосна У.А. Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. Мн., 2000.

А.​У.​Ерашэвіч.

т. 16, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)